УКРАІ́НСКІ ШЧЫ́Т, Украінскі крышталічны шчыт, Украінскі крышталічны масіў,

выступ дакембрыйскага крышт. фундамента на ПдЗ Усходне-Еўрапейскай платформы. Цягнецца ўздоўж сярэдняга і ніжняга цячэння р. Дняпро ад р. Гарынь да Азоўскага м. Займае цэнтр. ч. Украіны, невял. тэр. Беларусі і Растоўскай вобл. Расіі. Даўж. больш за 1000 км, найб. шыр. каля 250 км, пл. каля 200 тыс. км².

На ПнЗ і Пн абмежаваны Дняпроўска-Данецкім і Прыпяцкім грабенамі, на З і Пд паката паніжаецца і перакрываецца платформавым чахлом з палеазойскіх, мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў. На шчыце маламагутнае перарывістае покрыва кайназойскіх асадкавых парод. Мерыдыянальнымі зонамі глыбінных разломаў (Арэхава-Паўлаградскай, Тальноўскай, Крыварожскай і інш.) разбіты на 5 буйных блокаў: Валына-Падольскі, Белацаркоўска-Уманскі, Кіраваградскі, Прыдняпроўскі і Прыазоўскі. Разломы паўн.-зах. і паўн.-ўсх. распасцірання падзяляюць іх на больш дробныя глыбы. Складзены пераважна з глыбокаметамарфізаваных архейскіх парод, прарваных рознаўзроставымі гранітамі. Да мерыдыянальных зон разломаў, якія закладзены ў познім археі і актыўна развіваліся ў пратэразоі, прымеркаваны ніжнепратэразойскія ўтварэнні (гнейсы, метамарфізаваныя вулканагенна-тэрыгенныя пароды), у т. л. жалезістыя кварцыты (джэспіліты). На З Прыдняпроўскага блока размешчана Крыварожская зона (гл. Крыварожскі жалезарудны басейн, Крамянчугская магнітная анамалія). Вулканіты і кварцыты оўруцкай серыі (верхні пратэразой) перакрываюць граніты рапаківі, якія разам з габра-анартазітамі (пач. позняга пратэразою) утвараюць буйныя плутоны — Корасценьскі і Корсунь-Наваміргарадскі.

т. 16, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)